Фотаальбомы мерапрыемстваў
Бялынічы 2.02.2013
Самая першая прэзентацыя “Альбома школьных песень” адбылася ў Бялынічах на пачатку 2013 года. Да бялыніцкіх удзельнікаў праекта – Юрыя і Надзеі Несцярэнкаў – далучыліся госці: Дар’я Несцярэнка з Полацку (не сваячка, але суаўтарка Юрыя па песні “Апошні дзень”) і Андрэй Гаварушка з Клічава (аўтар песні “Школьная настальгічная”).
Пад кіраўніцтвам Валянціны Мікалаеўны Ляньковай з Бялыніцкага Цэнтра дзіцячай творчасці далучыліся юныя спявачкі, выхаванцы вакальнага калектыва, якія падрыхтавалі тры песні: “Першыя ўрокі”, “Школьны вальс” і “Апошні званок”.
Прэзентацыя прайшла ў музеі Бялыніцкага-Бірулі. Фота зрабіў знакаміты бялыніцкі краязнаўца, журналіст і пісьменнік Міхась Карпечанка.
Чысць 19.03.2013
Наступная паездка была ў Мінскую обласць, у маладэчанскім кірунку. Давялося вельмі рана выязджаць з Бялынічаў, каб патрапіць у Чысцянскую школу ў першай палове дня -- у час урокаў. Да паездкі усе удзельнікі канцэрта слаба ўяўлялі куды едуць, і што гэта за мястэчка Чысць. Аднак, рэальнасць пераўзашла ўсе чаканні – аграмадная новая школа з басейнам і вялізным спортзалам, з утульнай актавай заляй і сапраўдным амфітэатрам месцаў для слухачоў перад сцэнай – усё гэта ўразіла вельмі моцна.
Але больш за ўсё парадавалі дзеткі – поўная заля гледачоў, якія жыва адклікаліся на любыя сцэнарныя павароты і неспадзяванкі падчас праграмы. Зваротная сувязь была безперапыннай як на працягу выступу артыстаў, так і пасля завяршэння канцэрта.
Маладэчна 19.03.2013
Пасля выступлення ў Чысці, канцэртная брыгада, якая везла з сабой каштоўны груз пад назвай “Альбом школьных песень”, паехала далей. Праз пару гадзін адбыўся канцэрт у Маладэчне, у актавай залі сацыяльна-інфармацыйнага цэнтра. Аўдыторыя гэтым разам была дарослая – сярод публікі было шмат прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, творчая інтэлігенцыя, журналісты. Але ж публіка з вялікай цікавасцю праслухала песні на школьную тэму, набыла кружэлкі з запісамі і замовіла наступныя мерапрыемствы.
Клічаў 28.07.2013
У Клічаве зрабілі выдатны канцэрт у д зіцячым летніку ў сярэдзіне лета-2013. Прагучаў поўны набор нашых песень на школьныя тэмы, размаўлялі, распавядалі, знаёміліся. Песні спадабаліся і дзецям, і настаўнікам. Дзякуй вялікі сябру і паплечніку, выдатнаму музыканту і аўтару Андрэю Гаварушке.
Вільня
Перад паездкай у Вільню наша канцэртная брыгада раптоўна, прама напярэдадні ад’езду, не далічылася адной удзельніцы – у Надзі Несцярэнка дачушка Аня так прыгожа размалявала пашпарт, такіх роспісаў і пячатак панаставіла на кожнай старонцы, што пра памежны кантроль і размовы не магло быць – трэба было мяняць дакумент.
Таму, мы паехалі ўтраіх – Андрэй Гаварушка, Люда Дудзенус і я – Юры Несцярэнка. Калі засяляліся ў Вільнюскі гатэль, малодзенькая адміністратарка дрэнна гаварыла па руску (па беларуску), а добра толькі па літоўску і па ангельску. Наш сябра Алег, які сустракаў і дапамагаў уладкавацца, неяк занадта актыўна з ёй жартаваў. Мы з Андрэем дадавалі нешта “у тэму”. Дзяўчына старалася не паказваць віду, што ёй насамрэч цікава і весела – яна ж на працы, калі што. А па інструкцыях нельга гуляцца ў гульні з дарослымі хлопцамі, трэба працаваць. У пэўны момант яна прапанавала напісаць на аркушыку паперы нашы прозвішчы. Мы выкаканалі яе просьбу бездакорна: “Гаварушка, Несцярэнка, Дудзенус” – было напісана па замове адказнай асобы (забыўся пазначыць, што лацініцай). Зраніцы я прыйшоў на вахту перадаць ключы, адміністратарка адлучылася кудысьці, а на стале ляжаў наш аркушык: “Gavarushka, Niesciarenka… Dudzenus было закрэслена і выпраўлена на Dudzenka”. “Дажартаваліся…” – наведала такая думка. Адміністратарка падумала, што гэтыя артысты і са спісам дурня валялі, як і з ёй)).
Прыгодаў хапала і ў іншыя дні, апісваць іх трэба ў асобных тэкстах. Але ж галоўная наша сустрэча адбылася ў ліцэі імя Францыска Скарыны. Там вільнюскія беларусы (а дакладней – вучаніцы-беларусачкі) падрыхтавалі песні з “Альбома школьных песень”, а таксама свае нумары. І прэзентацыя прайшла вельмі цікава, з прамовамі і віншаваннямі, з песнямі і танцамі. Як і належыць на сапраўднай прэзентацыі альбома для школы.
Буйнічы
Буйнічы – гэта прыгарад Магілёва. Перад канцэртам у Буйнічскай школе ў нас былі розныя тэхнічныя неспадзяванкі, таму мы тэрмінова вырашалі праблемы з кабелямі і з раз’ёмамі, з калонкамі і ўзмацняльнікамі. А на фотаздымкі і забыліся зусім. Хтосьці здымаў у залі, але да нас здымкі не даляцелі. Затое засталося адно непаўторнае фота пасля канцэрту, у дворыку Буйнічскай школы.

Беласточчына
Гэты фотаальбом адлюстроўвае апошняе мерапрыемства ў шэрагу прэзентацый школьных песень. Да праекта 2013 года тая творчая камандзіроўка мела ўскоснае дачыненне, паколькі была арганізавана Саюзам беларускіх пісьменнікаў як адмысловы тур выхаваўча-асветніцкага плану. Дзе спачатку каманда, што складалася з паэтаў, музыкантаў, пісьменнікаў ехала па розных дзіцячых адукацыйных установах, а потым частка удзельнікаў узяла курс на кніжную выставу, а другая частка працягнула выступы ў дзіцячых установах. Што мае прамое дачыненне да “Альбома школьных песень”, дык гэта непасрэднае іх выкананне на кожнай сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі беласточчыны.