
АЛЬБОМ
ШКОЛЬНЫХ ПЕСЕНЬ
“Альбом школьных песень” – можна назваць словам праект, можна прыдумаць іншую назву – штосьці кшталту праграмы – як для каго. А для нас, музыкантаў, гэта была частка жыцця. Цікавага, творчага жыцця, калі з дапамогай і пры падтрымцы ініцыятыўнага педагога Тамары Мацкевіч мы ўзяліся зрабіць “пад ключ” альбом для школьнікаў. Гэта значыць, мы напісалі новыя песні, зрабілі аранжыроўкі, запісалі на студыях гуказапісу і паехалі па Беларусі, каб зайграць у школах, ліцэях, дзіцячых лагерах песні на ўсе школьныя тэмы. Пачынаючы ад “Першага верасня” і закончваючы “Апошнім званком”, узгадваючы ў іранічным ключы дырэктара школы, і дзякуючы настаўнікаў за іхную працу ў кантэксце лёгкага суму і настальгічных успамінаў.
Карацей, на працягу 2012 года мы стварылі, запісалі, сабралі ў адну праграму і выдалі на фірме “Каўчэг” добры альбом, у працы над якім паўдзельнічалі беларускія аўтары, музыканты, гукарэжысёры з Мінска, Магілёва, Бялыніч, Клічава, Слуцка, Полацка, Нью-Ёрка, Беластока. А на працягу ўсяго 2013 года мы прадстаўлялі наш “Альбом школьных песень” у Бялынічах і Клічаве, Маладэчне і Маладэчанскім раёне, у Мінску і ў Магілёве, патрапілі за мяжу, прэзентаваўшы вынік нашых творчых намаганняў і ў Вільні (у беларускім ліцэі імя Францыска Скарыны), і ў беларускіх школах і адукацыйных установах беласточчыны ў Польшы.
Нашы песні прагучалі шмат на якіх школьных мерапрыемствах – і на вераснёўскіх лінейках, і на развітальных школьных балях, у мностве канцэртаў і ўрачыстых мерапрыемстваў. За што мы вельмі ўдзячны як дарослым – настаўнікам ды іншым супрацоўнікам установаў адукацыі і культуры, так і дзеткам – ад вучняў-пачаткоўцаў да выпускнікоў.
З вялікай павагай да ўсіх, хто меў дачыненне да нашай цікавай працы, Юры Несцярэнка.